Перейти к основному содержанию
Сьляпы
Я аднойчы спаткала сьляпога. Ён няпэўна бадзяўся у змроку Й маляваў уяўленьнем убога Анікому нябачную зорку. Прыхаваўшы пячатку цярпеньня, Без увагі на сум і галечу, Ён казаў у сьвятым захапленьні Пра штодзённасьці простыя рэчы. Ён прасіў распавесьці пра сонца, Бо стаміўся ад вечнае ночы, Расказаць пра зямлю ды нябёсы, Пра усьмешку ды людзкія вочы, Пра гаі ды пра шэрагі гораў, Пра аблокаў чароды й азёры, Пра глыбокае соннае мора Й пра ручай мітусьліва бадзёры. Я шукала найлепшыя словы Й не знайшла, пазамёршы ў суменьні, Бо бясьсільнаю сталася мова Прад жывой прыгажосьцю стварэньня, Перад сьветам, які быў здабыты Мукай Бога й крывёю прарочай, Што раптоўна паўстала зь нябыту, Акрапіўшы сасьмаглыя вочы, І адкрыла крыніцу натхненьня Цераз зрэнкі, што былі пустымі. У той момант прыйшло разуменьне: Маем зрок, але ходзім сьляпымі. Дрэвы ў лесе ды кветкі на полі, Птушкі ў небе, ды месяц няроўны... Глянь вакол, сьвет мігоча любоўю, ён такі невымоўна цудоўны! Хай жа ўсьцешыцца кожны відушчы, Хай у радасьці выхваліць Бога, Бо здаровыя вочы расплюшчыў Праз нямогласьць і немач сьляпога.
Цудоуны верш. Вiншую Вас з Днём Божага Нараджэння. :xmasunwrap2: З павагаю, св.
Дзякуй!!! І Вас шчыра віншую са сьвятам! Няхай Бэтлеемская зорка вядзе Вас да дзіцяткі Езуса, а таксама станецца сталаю крыніцаю натхненьня! :)
Дзякуй за цёплае пажаданне. :xmasunwrap2: